Товариство української
мови
Київського національного університету імені Тараса Шевченка
Громадський добродійний фонд імені Ігоря Білозора
МОВНІ КОНФЛІКТИ І ГАРМОНІЗАЦІЯ
СУСПІЛЬСТВА
Матеріали наукової конференції
28-29 травня 2001 року
Мовна політика
інших країн
Сяргей Запрудскі
СТРАТЭГІЯ РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ХХ СТАГОДДЗІ
ЯК СПОСАБ ПАЛАГОДЗІЦЬ МОЎНЫ КАНФЛІКТ У РЕСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ
У кастрычніку 2000 года рада Таварыства беларускай
мовы пастанавіла распрацаваць Стратэгію развіцця беларускай мовы
ў ХХІ стагодзі (далей – Стратэгія). Адначасова ў газеце Таварыства
“Наша слова” былі апублікаваны артыкул аспіранта Інстытута мовазнаўства
АН Беларусі У.Кошчанкі "Да стратэгіі развіцця беларускай
мовы: што дае валійскі досвед?" і зварот да ўсіх суполак
ТБМ, усіх грамадскіх, дзяржаўных і палітычных структур, усіх грамадзян
Беларусі і замежжа з заклікам узяць удзел у выпрацоўцы Стратэгіі.
Дзеля падрыхтоўкі канкрэтнага дакумента ў ТБМ была створана рабочая
група ў складзе 25 чалавек, якую ўзначаліў старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Да траўня 2001 года абрысы Стратэгіі тройчы абмяркоўваліся на
пасяджэннях рабочай групы, чатыры разы – на зборках “малой” рабочай
групы, якая займалася непасрэдным напісаннем тэксту, двойчы –
на пасяджэннях рады ТБМ. За пяць месяцаў 2001 года ў “Нашым слове”
былі надрукаваны некалькі меркаванняў чытачоў з нагоды падрыхтоўкі
Стратэгіі і агляд прапаноў, што паступілі ў рабочую групу або
былі выказаны асобнымі членамі рабочай групы. 4–11 красавіка ў
“Нашым слове” быў апублікаваны першы варыянт праекта Стратэгіі,
падрыхтаваны “малой” рабочай групай у складзе сямі чалавек пад
кіраўніцтвам аўтара гэтых радкоў [1], а 20 траўня будучая Стратэгія
абмяркоўвалася (без адкрыцця дыскусіі) на чарговым VII з’ездзе
ТБМ. З’езд адобрыў ідэю стварэння Стратэгіі і прадоўжыў мандат
рабочай групы, а таксама даручыў Радзе ТБМ у канцы 2001 – пачатку
2002 года прыняць нейкі варыянт Стратэгіі. Мяркуецца, што канчатковы
варыянт Стратэгіі будзе вынесены для зацверджання на спецыяльную
канферэнцыю ТБМ або на чарговы з’езд ТБМ.
Натуральна, што ТБМ, якое ўзнікла ў 1989 годзе не ўпершыню абмяркоўвае
пытанні развіцця беларускай мовы. Не першы раз мы спрабуем асэнсаваць
выклікі, з якімі сутыкаецца наша мова. Аднак упершыню мы намагаемся
зрабіць гэта грунтоўна, без вялікай спешкі, без рыторыкі і прамалінейнай
прапаганды. Упершыню пры стварэнні дакумента, які згодна з папярэднімі
намерамі мае стаць “галоўным “ідэалагічным” і рабочым дакументам
Таварыства мінімум на 20 гадоў”, мы імкнемся абаперціся на як
мага больш шырокі грамадскі спектр і ўлічыць як мага большую колькасць
праблем, звязаных з функцыянаваннем беларускай мовы ў грамадстве.
Чакаецца, што Стратэгія будзе ўяўляць сабой падрыхтаваны калектыўнымі
намаганнямі дакумент, у якім будуць выкладзены блізкія і доўгатэрміновыя
задачы захавання і развіцця беларускай мовы. Мы хацелі б, каб
у Стратэгіі знайшоў сабе месца сістэматызаваны выклад галоўных
напрамкаў развіцця нашай мовы. Мы вырашылі, што Стратэгія выпрацоўваецца
Таварыствам беларускай мовы для Таварыства беларускай мовы. У
працэсе падрыхтоўкі Стратэгіі Таварыства мае ўсталяваць партнёрскія
адносіны з рознымі арганізацыямі, установамі, партыямі, міністэрствамі,
СМІ для далучэння да справы выпрацоўкі Стратэгіі як мага больш
шырокага інтэлектуальнага рэсурсу. ТБМ хацела б, каб падрыхтаваная
ім з удзелам шырокіх грамадскіх сілаў Стратэгія трансфармавалася
б у Стратэгію развіцця беларускай мовы для беларускага грамадства
ў цэлым.
Каб узяцца ў нашай сітуацыі за выпрацоўку Стратэгіі развіцця (а
не, скажам, захавання ці абароны) беларускай мовы трэба было быць
адначасова дастаткова смелымі і легкадумнымі людзьмі [2]. Сёння
беларуская мова знаходзіцца ў напаўзадушаным стане, ёй пільна
патрэбны дзяржаўны пратэкцыянізм, і грамадская арганізацыя, якой
з’яўляецца ТБМ, мае даволі абмежаваныя магчымасці дзеля таго,
каб істотна паўплываць на яе лёс. Разам з тым аніяк нельга пакладацца
толькі на дзяржаўныя рычагі. Прасоўванне ў грамадстве любой мовы,
якая перад тым зазнала значны заняпад, сутыкаецца звычайна з такой
вялікай колькасцю праблем, якія паспяхова можа развязаць толькі
той урад, які мае адпаведную палітычную волю і карыстаецца шырокім
наборам метадаў і прыёмаў г. зв. моўнага менеджменту. У Беларусі
няма цяпер і не было 10 гадоў таму такога ўраду, вось жа ТБМ мае
часткова ўзяць некаторыя функцыі ўраду (прынамсі, інтэлектуальныя)
на сябе.
Праца над падрыхтоўкай стратэгіі аказалася для нас даволі новай
і незвычайнай. Нечакана высветлілася, што пад развіццём беларускай
мовы некаторыя члены ТБМ разумеюць перадусім выпрацоўку “правільнага”
правапісу, усталяванне “належных” нормаў літаратурнай мовы або,
у лепшым выпадку, разбудову беларускай тэрміналогіі [3]. Пры тым,
што ўнутрыструктурная дасканаласць мовы з’яўляецца важнай перадумовай
яе паспяховага выкарыстання ў грамадстве, значэнне гэтага чынніка
тым не менш не варта перавялічваць. Стан сучаснага беларускага
правапісу (найперш, “афіцыйнага”) не перашкаджае таму, каб беларуская
мова магла развівацца ў функцыянальным плане. Палічыўшы, што ў
папярэднія гады планаванню корпусу мовы Таварыствам было дадзена
даволі ўвагі (а правапісу, на маю думку, празмерна многа ўвагі),
што Стратэгія не з’яўляецца дакументам для філолагаў, а таксама
жадаючы акцэнтаваць неабходнасць больш (і прафесійна!) займацца
планаваннем статусу, мы ў нашым праекце палічылі патрэбным мінімізаваць
гаворку пра сучасны стан нормаў беларускай мовы. У раздзеле “Цяперашні
стан беларускай мовы” мы канстатуем толькі наяўнасць дзвюх правапісных
традыцый, падкрэсліваючы пры гэтым, што яны маюць паміж сабой
вельмі шмат агульнага і адрозніваюцца нязначнай колькасцю рысаў.
Магчыма, трохі запознена, аднак мы спецыяльна звяртаем увагу на
недапушчальнасць распальвання канфрантацыі паміж прыхільнікамі
абодвух правапісных варыянтаў.
Новым з’яўляецца і тое, што ў сваім варыянце праекта мы нібы “рэабілітуем”
носьбітаў таго моўнага коду, які ў нас названы “змешанай мовай
на беларускай аснове”. (Зразумела, тут гаворка ідзе пра носьбітаў
“трасянкі”, эквівалента ўкраінскага “суржику”.) Натуральна, мы
падкрэсліваем важнасць авалодвання літаратурным кодам як мага
большай колькасцю людзей, але разам з тым кваліфікуем “трасянкамоўных”
у якасці носьбітаў беларускай мовы. Як і ў выпадку з правапісам,
мы выказваемся за талерантнасць у адносінах паміж носьбітамі літаратурнай
мовы, народна-дыялектнай мовы і змешанай мовы на беларускай аснове.
Пры ўсёй важнасці пурыстычнага стаўлення да мовы нельга не прызнаць,
што паслядоўны пурызм здольны выбудаваць сцяну паміж знаўцамі
філалагічных тонкасцяў нейкай мовы і яе шараговымі носьбітамі.
Частка звычайных носьбітаў мовы з розных прычын проста не ў стане
авалодаць мовай у яе ўзорным ці хоць бы “правільным” выглядзе,
і не заўсёды трэба паддаваць іх за гэта ганьбаванню [4].
Выпрацоўваючы Стратэгію, мы імкнуліся стварыць дакумент, які быў
бы аглядным, выразна і лагічна структураваным. У цяперашнім выглядзе
наша Стратэгія складаецца з уводзінаў і наступных раздзелаў:
І. Павелічэнне колькасці носьбітаў беларускай мовы.
ІІ. Забеспячэнне магчымасцяў для ўжывання беларускай мовы.
ІІІ. Паляпшэнне стаўлення да беларускай мовы.
IV. Рэсурсавае забеспячэнне.
У сваю чаргу ўводзіны складаюцца з трох частак, у якіх коратка
характарызуюцца сэнс стварэння Стратэгіі, яе будучае выкарыстанне,
цяперашні стан беларускай мовы, мэты і задачы Стратэгіі. “Найбліжэйшымі”
мэтамі падрыхтоўкі Стратэгіі вызначаны наступныя: 1) максімальная
рацыяналізацыя дзейнасці ТБМ; 2) больш выразная пастаноўка ў грамадстве
праблемы захавання і развіцця беларускай мовы; 3) далучэнне да
праблем развіцця беларускай мовы як мага большай колькасці людзей
і арганізацый.
Галоўнай мэтай Стратэгіі развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі
з’яўляецца стварэнне ўмоў для захавання і доўгатэрміновага развіцця
беларускай мовы як жывой, штодзённай мовы беларускага народа.
Пытанне структуры Стратэгіі ад самага пачатку аказалася надзвычай
складаным для рабочай групы, бадай, ніхто з нас не ведаў, якія
кампазіцыйныя часткі Стратэгіі выдзеліць. Увогуле ж, на структуру
нашай Стратэгіі паўплывала знаёмства з некаторымі замежнымі аналагічнымі
дакументамі. Такія часткі ўводзінаў як “Цяперашні стан беларускай
мовы” і “Мэты і задачы” з’явіліся ў нас у тым ліку пад уплывам
падрыхтаванай у 1995-1996 гадах Камітэтам валійскай мовы “Стратэгіі
валійскай мовы” (“A Strategy for the Welsh Language”). Раздзелы
І і ІІ сфармаваліся не без уплыву “Стратэгіі валійскай мовы” і
мадэлі моўнага садзеяння, прапанаванай швейцарскім і канадскім
даследчыкамі Франсуа Грынам і Франсуа Валянкуртам падчас выпрацоўкі
імі мераў, якія маглі б спрыяць развіццю мовы маёры [5]. Складнік
“Стаўленне да мовы” ў мадэлі Грына-Валянкурта прысутнічае непасрэдна,
а ў валійскай стратэгіі ён асэнсоўваецца ў раздзелах “Цяперашні
стан валійскай мовы”, “Забеспячэнне магчымасцяў” і “Змена звычак
моўнага ўжывання”.
Кожны з раздзелаў нашага варыянта Стратэгіі мае больш дробнае
чляненне. Так І раздзел складаецца з дзвюх частак, у ім асэнсоўваюцца
магчымасці прадукавання носьбітаў беларускай мовы а) праз сярэднюю,
спецыяльную і вышэйшую адукацыю, у дашкольным і пазашкольным выхаванні;
б) праз сетку курсаў беларускай мовы для дарослых. У ІІ раздзеле
асобна выдзелены а) групы насельніцтва, з якімі трэба працаваць
(дзеці, моладзь, прадпрымальнікі, лідэры грамадскіх арганізацый,
службоўцы дзяржапарату і г.д.), а таксама б) сферы і спосабы ўздзеяння.
Разглядаюцца, у прыватнасці, спосабы ўздзеяння ў такіх сектарах
як сям’я, грамадскія арганізацыі, прыватны сектар (з размежаваннем
на дробны і буйны), працоўная дзейнасць, сфера нефармальных зносінаў,
інфармацыйныя тэхналогіі, электронныя СМІ і г.д. У раздзеле ІІІ
абмяркоўваюцца акалічнасці, якія вызначаюць стаўленне да мовы,
праблемы юрыдычнай падтрымкі мовы і зменаў звычак моўнага ўжывання.
У IV раздзеле коратка абмяркоўваюцца патэнцыяльныя крыніцы прыцягнення
рэсурсаў, патрэбных для выканання Стратэгіі. Любыя заўвагі і дадаткі
да Стратэгіі можна дасылаць на адрас ТБМ (Рэспубліка Беларусь,
220005, Менск, вул. Румянцава, 13; факс (375 17) 284 85 11 з пазнакай
“Стратэгія” або на электронны адрас камісіі па міжнародных сувязях
(intern@tbm.org.by).
Ініцыятыва стварэння Стратэгіі мела ў сваёй аснове некалькі пабуджальных
матываў. Гэта незадаволенасць сучасным становішчам ужывання беларускай
мовы і станам пастаноўкі самой праблемы у грамадстве. Гэта і незадаволенасць
метадамі барацьбы за беларускую мову і ўзроўнем асэнсавання праблемы
з боку грамадскіх арганізацый, якія займаюцца такой дзейнасцю.
Несумненна адно: у многіх выпадках сучасныя беларускія моваабаронцы
не маюць за спінай прэцэдэнтаў у папярэдняй беларускай гісторыі,
на якія яны маглі б абаперціся, таму яны павінны ствараць або
вынаходзіць новыя спосабы абароны беларускай мовы і беларускамоўных
людзей. Вельмі карысным тут можа быць досвед сучаснай моўнай барацьбы
ў свеце, яго трэба грунтоўна вывучаць. Не забываймася, аднак,
на тое, што не існуе адзінага і ўніверсальнага сродку адолець
усе моўныя праблемы адным падхопам: што эфектыўна спрацоўвае ў
адных краінах, не абавязкова будзе такім жа эфектыўным пры яго
механічным “перасаджванні” ў іншыя сацыяльныя і палітычныя ўмовы.
Памятайма і пра тое, што па сутнасці “канфлікты не могуць адбывацца
паміж мовамі, яны магчымыя толькі паміж людзьмі, што гавораць
гэтымі мовамі” [6]. У гэтым сэнсе не існуе канфлікту паміж беларускай
і расійскай мовамі, затое існуе канфлікт паміж беларускамоўнымі
і расійскамоўнымі людзьмі. Ад саміх беларускамоўных людзей, ад
іх настойлівасці, мэтанакіраванасці і вынаходлівасці залежыць,
ці здолеюць яны адстаяць свае прыніжаныя правы і, такім чынам,
палагодзіць моўны канфлікт у Рэспубліцы Беларусь.
1. З варыянтам праекта “малой” групы можна пазнаёміцца таксама
на старонцы ТБМ у сеціве на наступным адрасе: http://tbm.org.by.
2. Украінскі чытач можа даведацца пра сучасную беларускую моўную
палітыку і сітуацыю з некалькіх крыніц. Гл., напрыклад публікацыі
ў №№ 8 і 9 за 2000 год часопіса “Урок української” і даклады Я.
Плахуты і А. Скапнэнкі, апублікаваныя ў зборніку “Державність
української мови і мовний досвід світу” (Кіеў, 2000). Параўн.,
таксама: Сяргей Запрудскі. Моўная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь
у 1990-ыя гады // Розбудова держави (у друку). Карыстальнікі сеціва
могуць, акрамя таго, пазнаёміцца са зместам зборніка “Аняменне.
З хронікі знішчэння беларускай мовы” (Вільня, 2000) і іншымі датычнымі
мовы матэрыяламі на адрасе http://knihi.com/bib/movy.html. Афіцыйны
погляд на заканадаўчае рэгуляванне моўнага жыцця ў Беларусі гл.
у публікацыі: Плетюхов В. Практика законодательного обеспечения
двуязычия в Беларуси (http://www.niurr.gov.ua/ru/conference/kniga_conf/pletuhov.htm)
3. Ад адной з нашых рэгіянальных радаў мы атрымалі прапановы да
Стратэгіі, у якіх на самае першае месца былі вынесены акурат праблемы
правапісу і графікі.
4. Між іншым на VII сацыялінгвістычным сімпозіюме ў Англіі ў 1988
годзе быў прачытаны даклад з наступнай красамоўнай назвай: “Паміж
Сцылай поўнай асіміляцыі і Харыбдай самазабойчага пурызму”. Загаловак
сярод іншага нагадвае, што пурызм – гэта зброя, вострая з абодвух
бакоў. Пры няўмелым абыходжанні з ёю можна моцна параніць самога
сябе.
5. Grin F., Vaillancourt F. Language Revitalisation Policy: An
Analitical Survey. Report to the Treasury, Gouverment of New Zealand.
Wellington (http://www.treasury.govt.nz). Гл. таксама (без новазеландскага
матэрыялу): Grin F., Vaillancourt F. The cost-effectiveness evaluation
of minority language policies: Case studies on Wales, Ireland
and the Basque Country. Flensburg, 1999.
6. Nelde P. N. Language Conflict // The Handbook of Sociolinguistics.
Edited by Florian Coulmas. Blackwell Publishers, 1998. P. 291.